Да, па пашпарце гэта гучыць менавіта так. Працую я інжынерам сродкаў радыё і тэлебачання. У свой час быў мастаком па святлу ў Гродзенскім тэатры лялек, прамышляў дызайнам. У кішэні срэбны медаль і дыплом інжынера-электрамеханіка, а таксама куча розных грамат. Увесь вольны ад працы час аддаю сям'і. А астатнія 2-4 гадзіны ў суткі займаюць музыка і мадэлізм. З 1998 года збіраю маштабныя мадэлькі аўтамабіляў. Вось пра іх ніжэй і пойдзе гаворка...
Пачатак
Я і не ведаю, з чаго пачалося. Такое адчуванне, што я нарадзіўся мадэлістам. Спрыялі гэтаму бацькі, брат, сябра бацькі Ю.І.Карніенка, а таксама часопіс 'Мадэліст-канструктар', які я чытаў часцей, чым буквар ці казкі. Гадоў да 7-8 я сур'ёзна, наколькі гэта было магчыма, займаўся авіямадэлізмам: планеры, паветраныя змеі, пластыкавыя копіі. Потым неяк пераключыўся на аўтамабілі, пасля зноў авіяцыя...
Але ген аўтамабіліста дае пра сябе знаць: дзед і ўсе дзядзькі - прафесійныя шафёры. Таму не здзіўляюся, чаму мяне так цягне на грузавікі.
Разам з калекцыяй мадэлей непадзельна існуе калекцыя часопісаў - той самы 'Мадэліст-канструктар', 'Тэхніка-маладзёжы', 'Юны тэхнік', 'За рулём'. Іх у мяне ўжо больш за тысячу. І менавіта часопісы натхняюць мяне на штосьці новае ці добра забытае старое.
Першыя мадэлі
Першай маёй мадэлькай быў ГАЗ-60, які падарыў брат у 1985 годзе. Да палутаркі я ніколі не ставіўся, як да цацкі, аднак таксама ламаў. Да цяперашняга часу ад мадэлі засталіся толькі кабіна і частка рамы - астатняе я выпільваў-клеіў з пластмасы і картона гады тры назад.
Летам 1998 года у кнігарні я наткнуўся на Русса-Балт С24/40. Мама падтрымала мяне не толькі матэрыяльна, але і маральна. І з тых часоў я захапіўся маштабнымі мадэлямі канчаткова і беспаваротна.
З цягам часу я зразумеў, што і сам магу штосьці склеіць. Гадоў з 10 я клеіў просценькія папяровыя аўтобусы і легкавушкі з 'Ляўшы'. Пазней былі ў мяне і Роллс-Ройс 1912 года, і медыцынскі РАФ, і Джып Чэрокі, але маленькі пляменнік са сваёй логікай вырашыў іх лёс. Нягледзячы ні на што, папяровыя мадэлі мяне вабілі больш і больш.
Першай уласнай распрацоўкай стаў савецкі ваенны джып ГАЗ-64. Што мог, то і склеіў. Цяпер стаўлюся да гэтага з пэўнай доляй іроніі - плоскае дно і ідэальна чысты кузаў... Сапраўдным пераваротам у картонным мадэліраванні стаў ЯС-1. Каля месяца працы і каля 300 дэталяў.
Як гэта робіцца
Падыход да той ці іншай мадэлі ў мяне даволі сур'ёзны. Калі справа тычыцца рэальных аўтамабіляў часоў вайны, то мала нават завадскіх чарцяжоў. Амаль па кожнай цікавай мне мадэлі ў мяне ёсць вялікая колькасць фотаматэрыялаў. Мне цікавы асаблівасці эксплуатацыі - што ламаецца ў першую чаргу, наколькі хапае аўтамабіля на дарогах вайны. я спрабую зрабіць мадэль рэальнага аўтамабіля пэўнага часу і абставінаў - сцёртыя шыны, пацёкі на рухавіку, абдрапаны кузаў - быццам бы ён выдзернуты з поля бою і пастаўлены на полку. Серыйны бартавы грузавік, напрыклад, мне не цікавы, тым больш што вайна нараджала вялікую колькасць мадыфікацый. Таму фатакарткі часоў вайны для мяне даражэй за золата.
Калі ж размова ідзе пра карэту ці экіпаж, што існавалі гадоў 200-1000 таму, то адзіным матэрыялам будзе малюнак. Незразумелыя моманты вырашаюцца па аналогіі, а маштаб вылічваецца адносна чалавека ці іншай вядомай велічыні. Я спрабую максімальна прыблізіць мадэль да выявы сапраўднага экіпажу. Мадэль у пэўным плане атрымліваецца ўмоўнай, і ў малых маштабах гэта не так кідаецца ў вочы.
Для сваіх мадэляў я выкарыстоўваю картон, ватман і паперу рознай шчыльнасці. Часта ў ход ідуць запалкі, зубачысткі і іншае дрэва.
Звычайна на якасную і падрабязную мадэль ідзе каля месяца. Ну, пасля першага месяца працы мадэль настолькі надакучвае, што становіцца ўсё роўна на вынік... Вельмі шмат часу забірае афарбоўка - прыкладна палова працы. Але бывала, што даволі наварочаную мадэль клеіў дня два-тры. Тут усё залежыць ад дэталіроўкі і цікавасці да аўтамабіля.
Большасць картонных мадэлей - уласнай распрацоўкі, але я карыстаюся і гатовымі разгорткамі з часопісаў і інтэрнэту.
Працую я з картонам звычайным нажом, але перыядычна рэжу пластмасу. Фарбую не менш звычайным пэнзлікам, пэцкаючы яго ў акрыл. Актыўна карыстаюся сухім пэнзлікам, смыўкамі рознымі ды іншымі хіткыкамі сучаснага мадэлізму. Большасць мадэляк я раблю бруднымі, запыленымі, металічныя дэталі гну, пакрываю іржой, рухавікі паліваю маслам і абсыпаю пяском - але ў іншых маштабах і іншымі матэрыяламі. І усё для таго, каб мая маленькая мадэлька выглядала так жа сама, які і рэальны аўтамабіль. Галоўнае не перабраць, хоць часам і сапраўдныя машыны пэцкаюцца і ламаюцца ненатуральна.
Камуфляж і іншую гадасць я нанашу так, як і было ў рэальнасці - спачатку асноўны фон, потым плямы, а напрыканцы пацёртасці і іржа. Напрыклад, па вясне белая фарба (на воднай аснове) аблазіла. З-пад яе праступаў асноўны колер. На мадэлі гэта выглядае не менш эфектна, чым на вялікай тэхніцы. Тут важна ведаць, як наносіўся камуфляж у рэальных умовах, якімі фарбамі і як хутка яны аблазілі у працэсе эксплуатацыі.
Зімой снег забіваецца ў пратэктары колаў, на падножкі і розныя шчыліны, а ззаду і снізу ўсё канкрэтна прысыпана снегам. Вельмі добра імітаваць машыну пад дажджом. Рэальная тэхніка на полі боя не можа выглядаць, як бліскучы канцэпткар на моторшоў. Да і не цікава ставіць на палічкі аднолькавыя, як быццам бы з завода, аўтамабілі.
Маштабы
Я працую ў двух маштабах - 1:43 для папяровых і 1:72 для пластыкавых мадэляў. Гэта мае любімыя маштабы. Вельмі падабаецца 1:87, але патрэбных мадэлей у нас не знайсці. Думаю, калі-небудзь дарвуся да іх.
У 43-м маштабе можна паказаць практычна ўсё - ад заклёпак да рысак на спідометры. Нават простую мадэль можна так абклеіць дробнымі дэталькамі, што яна будзе выглядаць як сапраўдны аўтамабіль.
Самая вялікая мадэль калекцыі - 'Жыгулі' ў маштабе 1:10 - дасягае паўметры ў даўжыню. Самая маленькая - матакаляска BMW - паўтары сантыметры. Самы ж маленькі маштаб 1:144 мае мадэлька англійскага самалёта 'Spitfire'. Калі б не стармазіў, было б у мяне некалькі легкавушак 1:160 і Вілліс 1:250.
Статыстыка
На цяперашні момант у мяне 193 мадэлі. З іх 131 мадэль - пакупная, але да большасці такіх мадэлей рукі мае ўсё ж дарваліся. Гэта 68 % ад усіх мадэлей. Пластыкавых зборных я назбіраў 45 штук (23 %). Сам зрабіў 17 мадэлей, з іх 16 склееныя з паперы (8 %). За апошнія 8 месяцаў статыстыка выглядае наступным чынам - з 25 мадэлей 52 % зборных, тыя ж стабільныя 8 % папяровых мадэлей і 40 % гатовых завадзкіх.
Выбары
Ці ёсць крытэрыі? - думаю, для адных мадэляў адны, для другіх зусім іншыя.
Раней акрамя агата/тантала нічога і не было - вось і скупіў амаль усё, што прадавалася. Тое ж і з бббурага, і з іншымі фірмамі. Так у калекцыі набралася вялікая колькасць мадэлей абсалютна рознай тэматыкі. Адныя мне падабаліся, іншыя не вельмі, я не ведаў, куды і падзець. Але з цягам часу я зразумеў, што козыр такой калекцыі - разнастайнасць. Побач з карэтамі стаяць лімузіны, з танкамі - старажытныя баявыя сланы, з якаснымі стэндавымі мадэлямі - грубыя старыя мадэлі ці просценькія папяровыя.
Калісьці я збіраў толькі 43-я мадэлі. Не важна было, што гэта за аўтамабіль ды хто яго выпускаў. Цяпер маштаб не мае такога значэння, хоць некаторыя мадэлі я хачу менавіта 1/43 (ЗіС-5, ГАЗ-67Б) ці 1/87 (МАЗ-535).
Мне вельмі падабаюцца той жа ЗіС-5, willys, citroёn 2cv. Мне цікава паставіць на палічку як мага больш розных мадэлей розных фірм рознай якасці розных маштабаў.
У мяне ёсць даволі вялікі спіс мадэлей, якія я хачу мець. Я аддаю перавагу аўтамабілям часоў вайны, савецкім грузавікам. Люблю аўтамабілі пачатку ХХ стагоддзя, карэты.
Некаторыя мадэлі мне хочацца менавіта склеіць, а не купіць (dodge, ЯС-1). І наадварот, хачу купіць ЗіС-16.
Апошнім часам я люблю паклеіць машынкі ў 72-м маштабе, падабаецца мне і 87-мы. У постсавецкіх калекцыянераў склаўся стэрэатып, што мадэль - гэта абавязкова 1/43 і ўзровень a la тантал. Я бачыў цудоўныя завадскія мадэлі ў 50-м, 87-м маштабах, што на некалькі парадкаў вышэй за тантал... У мяне сківіца адпадала ад падрабязнейшай дэталіроўкі. Камуфляж, брудныя колы, маскіровачная сетка. І гэта за 50-100 баксаў!
Некаторыя на поўным сур'ёзе збіраюць па 50 абстрактных варыянтаў ломаўскіх пажарак ці запарожцы з рознакаляровымі коламі. Да, я паставіў на полку белазікі, бо тут добра з памерамі. Але нічога падобнага больш ніхто не прапаноўваў.
Крэдыт даверу
Інфармацыя не на правах рэкламы. Раней, калі ў продажы амаль нічога не бывала, я аддаваў перавагу танталу/агату, але са з'яўленнем мноства разнастайных мадэлей я зразумеў, што вышэй узгаданыя вытворцы прапаноўваюць халтуру.
У наш час узровень калекцыйных мадэлей набліжаецца да стэндавых, што можна пабачыць па мадэлях фірм 'cararama' ці 'corgi'. Карарамаўскі вілліс я лічу адной з самых лепшых мадэлей вілліса ў 43-м маштабе. Тут і з геаметрыяй усё дакладна, падрабязна паказаны ўсе надпісы і нават тэхнічка (таблічкі-інструкцыі і розныя тэхналагічныя надпісы кшталту ціску ў колах).
Калі казаць пра стэндавыя, то найлепшымі па якасці і даставернасці для мяне застаюцца сучасныя распрацоўкі фірмы 'revell'. Даволі неблагія мадэлі ёсць у 'Звезды', UM. Апошняя фірма, напрыклад, у сваім 72-м маштабе робіць гумовыя шыны з такімі ж надпісамі, як на рэальных.
З папяровых распрацовак падабаюцца мадэлі Андрэя Раманчука (allfrompaper.narod.ru), Oktan'a (kotelnikov.net). Ёсць яшчэ шмат сапраўды цудоўных мадэлей розных фірм, але да іх я не дабраўся...
Праблемы
Самае галоўнае - адсутнасць інфармацыі і недахоп вопыту. Па аўтамабілях вайны ў мяне вельмі шмат чарцяжоў і апісанняў, рознага фотаматэрыялу. Але вось ужо некалькі гадоў не магу знайсці фатаграфій медыцынскага аўтобуса ЗіС-8. Кажуць, былі такія, але мне трэба дакументальнае пасведчанне існавання.
Вельмі цяжка знайсці ў нас якасны матэрыял для мадэлей, таму сквапна рэжу буржуйскія скрынкі з-пад касметыкі і абутку.
Даволі складана клеіць мадэлі з картона па гатовых разгортках, што разлічаны на выкарыстанне ватману. Ды і зусім розныя тэхналогіі зборкі.
Ну і самая галоўная цяжкасць - адсутнасць часу. З цяперашняй загрузкай зрабіць штосьці добрае амаль нерэальна...
Планы на будучыню...
Цяпер пра планы казаць даволі складана - татальны недахоп часу, загрузка на працы, сям'я і г.д. Таму цяпер я проста збіраю інфармацыю па цікавых мне аўтамабілях. Хачу склеіць некалькі серый даваенных трактароў, пасляваенных савецкіх і ня вельмі савецкіх грузавікоў у маштабе 1:87, першыя савецкія аўтамабілі НАМІ-1, Я-3, аўтобус і штабны АМО-Ф-15, серыю аўто часоў вайны - ГАЗ-67Б, ЗіС-5 пантонны парк, ЗіС-8, студэр у 43-м маштабе. А таксама распрацаваць тэму самаходных экіпажаў.
Трэба дабіць сайт калекцыі, які ўжо паўгады ніяк не аднаўляецца.
Ляжаць нераспакаваныя пластыкавыя мадэлі...
Разам з Андрэем Раманчуком спрабавалі стварыць папяровы браневічок Д-8, але зноў жа не хапае часу, каб узяцца за мадэль.
У такіх умовах узнікла жаданне паклеіць просценькія папяровыя машынкі без усялякіх наваротаў, у першую чаргу Москвич-403, ГАЗ-14, ЗАЗ-1102...
травень 2007
P.S. Пакуль гэты матэрыял пісаўся, дапаўняўся, выпраўляўся і г.д., не стала Юрыя Іванавіча Карніенка. Чалавека, дзякуючы якому я зацікавіўся папяровымі мадэлямі. Чалавека, які падарыў мне больш за палову часопісаў, што складаюць маю калекцыю...